СУ́ДНАВЫ РУХАВІ́К,

рухавік, які забяспечвае рух судна (гал. рухавік) або дзеянне яго электрагенератараў, вентылятараў, помпаў і інш. (дадатковы рухавік). Першым С.р. была паравая машына, пасля — дызель, паравая турбіна, газавая турбіна, электрычны рухавік, рухавік знешняга згарання (Стырлінга рухавік).

Працуюць С.р. пераважна на вадкім паліве, таксама на ядз. гаручым (ядзерныя сілавыя ўстаноўкі т.зв. атамаходаў). Перадача энергіі ад гал. С.р. на суднавы рухач — прамая (непасрэднае злучэнне рухавіка з грабным валам), праз рэдуктар (зубчасты або гідраўлічны) або электрычная (ад электрагенератара С.р. да электрарухавіка грабнога вала).

т. 15, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)